ФІЛО́Н АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Philōn Alexandreus; 21 ці 28 да н.э., г. Александрыя — 41 ці 49 н.э.),
іудзейска-эліністычны філосаф. Сінтэзаваў догматы іудаізму і стараж.-грэч. філасофію (Платон, стаіцызм, Піфагор). У аснове яго філасофіі прынцып абсалютнай трансцэндэнтнасці Бога і стоіка-платонаўскае вучэнне пра ідэі. Разглядаў Бога як сапраўдна існае, пра якое чалавеку вядома толькі тое, што яно існуе, але невядома, якое яно. На аснове канцэпцыі эманацыі распрацаваў вучэнне пра логас (вярхоўнага архангела) як самае высокае і дасканалае божае тварэнне, дзякуючы якому Бог стварыў спачатку больш блізкіх да сябе істот (анёлаў), а потым свет рэчаў і чалавека. Задачай чалавека лічыў прытрымліванне логасу і набліжэнне да Бога шляхам экстазу. Шэраг яго ідэй развіваліся ў патрыстыцы.
Тв.:
Рус. пер. — Против Флакка;
О посольстве к Гаю... М.;
Иерусалим, 1994;
Толкования Ветхого Завета. М., 2000.
В.А.Архіпава.
т. 16, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)